ПЛЫНЬ І КІРУ́НАК у літаратуры і мастацтве,
эстэтычныя гісторыка-маст. катэгорыі, якія абазначаюць светапогляднае або творчае адзінства літ.-маст. з’яў, характэрных для асобных творцаў ці літ.-маст. аб’яднанняў. Суадносяцца з паняццямі метаду мастацкага і стылю, на практыцы нярэдка атаясамліваюцца з імі, што вядзе да метадалагічнай невыразнасці. Плынь узнікае і развіваецца звычайна ўнуры складаных маст.-творчых з’яў (стыль, кірунак), дзе існуюць розныя магчымасці вырашэння агульных задач (напр., плыні «рубенсістаў» і «пусэністаў» у мастацтве франц. класіцызму канца 17 ст.: неакласічная і неарус. ў рус. архітэктуры мадэрна 1910-х г.; рэліг.-маралістычная і грамадз. плыні ў л-ры еўрап. рамантызму канца 18—1-й трэці 19 ст.; «сумарокаўская» і «ламаносаўская» плыні ў л-ры рус. класіцызму 18 ст. і інш.). Плынь існуе адносна непрацяглы час, часта перарастае ў больш сістэматызаваную і складаную форму — кірунак. Кірунак абазначае прынцыповую агульнасць літ.-маст. з’яў на працягу значнага адрэзка часу. У адрозненне ад стылю, які бярэ за аснову класіфікацыі агульнасць вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці, крытэрыі кірунку маюць духоўны, сацыяльны характар, адносяцца да свету ідэй, эстэт. поглядаў і прынцыповых адносін мастацтва да рэчаіснасці. Разыходжанні паміж стылем і кірункам вызначыліся з 2-й пал. 18 ст. (кірункі сентыменталізму і перадрамантызму ў межах стылю класіцызму і інш.). Пачынальнікамі новых плыней і кірункаў з’яўляюцца, як правіла, арыгінальныя творцы, вакол якіх ствараюцца аб’яднанні на аснове дэкларацый, статутаў, маст. школ, літ. выданняў (напр., кірункі сімвалізму, імажынізму, футурызму ў л-ры і мастацтве мадэрнізму, супрэматызму ў абстрактным мастацтве пач. 20 ст., плыні этнаграфізму, міфалагізму, рэтраспектывізму, неасімвалізму ў бел. выяўл. мастацтве 2-й пал. 20 ст. і інш.). Сучасная маст. культура характарызуецца разнастайнасцю П. і К. — ад традыц. да мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх.
Літ.:
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
У.М.Конан, Я.Ф.Шунейка.
т. 12, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)